Велікоднае віншаванне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі

Віншаванні з Вялікаднем кіруе вернікам біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

«Хрыстус уваскрос, Першынец сярод тых, якія памерлі» (1 Кар 15, 20)

Дарагія браты і сёстры!

«Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!» — гэтым традыцыйным прывітаннем спяшаемся падзяліцца, выказваючы велікодныя віншаванні. Таямніца Уваскрасення Езуса Хрыста цалкам змяніла і надалей змяняе лёсы чалавека і свету. Яна прыносіць упэўненасць у трыумфе сапраўднай любові, якая перамагла смерць і ўсім людзям адкрыла перспектыву новай надзеі..

Свята Уваскрасення Пана Езуса для кожнага з нас — гэта час радасці і сустрэчы нашых сэрцаў з жывым Хрыстом, які перамог смерць і грэх.

Раздзяляючы з вамі гэтую радасць, жадаю, каб святочныя дні і далейшае ваша жыццё было напоўнена трывалым здароўем і глыбокім духоўным досведам Пасхі і Любові. Няхай уваскрослы Хрыстус будзе для вас крыніцай надзеі, радасці і моцы, якія дапамогуць пераадолець усе цяжкасці штодзённага жыцця.

Жадаю, каб гэта вялікая праўда аб Уваскрасенні Езуса Хрыста ніколі не была заслонена нават вялікімі зямнымі крызісамі, катаклізмамі і клопатамі. Будзем радавацца кожнай хвілінай, якую дорыць нам Той, які стварыў неба і зямлю. Няхай радасць расцвіце ў нашых сэрцах як веснавыя галінкі вярбы, каб мы маглі дзяліцца ёю з нашымі блізкімі асобамі.

Божае Слова адкрывае перад намі сэнс балючых падзей, якія прывялі да Мукі і Смерці Езуса. Разважанне над таямніцай Хрыстовых мучэнняў за нашы грахі дазваляе нам пераасэнсаваць значэнне цяжкіх выпадкаў і сітуацый як у асабістым жыцці, так і ў жыцці Касцёла і свету.

Асабліва цяпер, калі вакол нас такі неспакой, калі свет перажывае свае цяжкасці і хваробы, толькі ў Божым Слове і малітве мы можам адшукаць спакой і разуменне падзей, якія прывялі да радаснай Велікоднай раніцы.

На сёлетнія, так нечаканыя ў вонкавым перажыванні, Велікодныя святы жадаю, каб Змёртвыхпаўсталы Хрыстус, які ў сваёй міласэрнасці захацеў ісці разам з намі і спадарожнічаць нам да Дому Айца, праявіў да нас паўнату сваёй любячай прысутнасці ў тых абставінах, у якіх мы знаходзімся, і ў тым, што нас непакоіць. Няхай кожны з нас знойдзе час на тое, каб углыбіцца ў духоўныя перажыванні і падзяліцца велікоднай радасцю са сваім акружэннем. Святы Айцец Францішак нагадвае аб тым, што радасць хрысціяніна мае свае вытокі ў слуханні і прыняцці Добрай весткі аб Змёртвыхпаўстанні Езуса Хрыста.

Жадаю сэрца, шырока адкрытага на Евангелле, якое перамяняе наша жыццё, надае яму сапраўдны сэнс, напаўняе радасцю і вялікай надзеяй. Няхай Добрая Вестка аб смерці і Уваскрасенні Хрыста вызначае напрамак нашага жыцця, працы і адносінаў з людзьмі. Няхай кожны дом будзе домам Божай радасці, сяброўства, добразычлівасці, дабрыні і святасці, дзе не будуць успамінацца ніякія крыўды, а будзе панаваць любоў, якая ўсё прабачае і перамагае.

Благаслаўлёных Велікодных святаў!

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Вялікдзень, 2020