Трэба прабачыць...

Вядома, што няма для маці большага гора, чым хаваць сваё дзіця, у якім бы ўзросце яно ні было. І немагчыма нават уя­віць, які боль церпіць маці, калі яе дзіця, яе сын, загінуў ад рукі ўласнай жонкі. Як перажыць, як прабачыць і як далей з гэтым ісці па жыцці? Пра ўсё гэта сённяшні наш аповед.

Ядвізе Іосіфаўне Зарэцкай нядаўна споўнілася 86 гадоў. Нарадзілася яна і жыве на адным з хутароў у Ашмянскім раёне. З мужам Мечыславам яны нарадзілі сямёра дзяцей, але траіх ужо няма. Янечка памерла, калі ёй было крыху больш за годзік. Вацлаў у 23 гады разбіўся на матацыкле, а некалькі гадоў таму загінуў 50-гадовы сын Мечыслаў — у сямейнай сварцы жонка ўдарыла яго нажом у шыю. Смерць была імгненнаю. У гэтай сям’і засталося пяцёра дзяцей, малодшаму хлопчыку было ўсяго 6 гадкоў.

Ведаючы слабое сэрца сваёй маці, чацвёра сыноў Ядвігі Іосіфаўны вырашылі ўтаіць прычыну смерці свайго брата, сказаўшы, што ён памёр сам. Прасілі, каб старэйшыя дзеці нябожчыка таксама нічога не казалі бабулі. У дарозе, а на пахаванне трэба было ехаць амаль 300 кіламетраў, яна скрозь слёзы малілася на ружанцы. Ёй дапамагалі сыны і пляменнікі, якія былі побач і маліліся больш за яе, каб толькі вытрывала... Каля труны сына яна не раз пыталася: «А дзе ж Лена?» Усе, хто быў побач, хавалі вочы і казалі, што яе нявестка ў бальніцы і хутка прыйдзе. На самай справе Лену забрала міліцыя...

Сэрца маці не падманеш: Ядвіга Іосіфаўна адчувала нядобрае і, калі ёй нехта ўсё ж сказаў праўду, усклікнула: «Лена, Ленка, што ж ты нарабіла?»

Яна не праклінала нявестку, не сварылася з яе раднёю, якая была на пахаванні. Прыгнечаная горам, падчас малітвы, яна шаптала: «Трэба ж прабачыць... так напісана... так хоча Бог...»

Яна бачыла, як цяжка яе асірацелым унукам і, тым не менш, некаторыя з іх нясмела спрабавалі прасіць у яе прабачэння за сваю маці, а некаторыя, наадварот, сказалі, што і самі ёй не прабачаць. Бабуля тады ўсклікнула: «Дзеткі, я ёй прабачаю, і вы ёй прабачце, яна, напэўна, гэтага не хацела». Услед за сваёю маці сыны Ядвігі Іосіфаўны таксама прасілі сваіх асірацелых пляменнікаў не трымаць зла на іх маці, тлумачылі, як маглі, што менавіта гэта жанчына дала ім жыццё. Старэйшы сын Ядвігі Іосіфаўны Тадэвуш паехаў нават у следчы камітэт, каб даведацца, як можна дапамагчы Алене. Гэта вельмі здзівіла працаўнікоў праваахоўных органаў, а таксама ўсіх аднавяскоўцаў.

Ксёндз, які цэлебраваў пахавальную святую Імшу, быў здзіўлены, што так шмат людзей з радні нябожчыка прыступіла да сакрамэнту споведзі і святой Камуніі. Падчас гаміліі, гаворачы пра неабходнасць прабачэння, ён адзначыў, што для душы памерлага вельмі важна, каб за яго не помсцілі родныя і блізкія, каб знайшлі сілы прабачыць. Напрыканцы дадаў, што ў гэтым сэнсе памерламу пашчасціла...

Прабачэнне — гэта адзін з найважнейшых момантаў у навуцы Хрыста. Пра тое, што трэба прабачаць, добра ведаюць і веруючыя, і большасць няверуючых людзей. Але адна справа ведаць і разумець, а іншая — сапраўды прабачыць: не кожнаму гэта ўдаецца зрабіць ад шчырага сэрца.

Людзі часта не могуць прабачыць адзін аднаму нейкія дробязі: нават родныя людзі судзяцца паміж сабою за жыллёвыя метры, за кавалачак зямлі на дачы, за капейкі са спадчыны... Многія становяцца ворагамі на ўсё жыццё і нават гатовыя знішчыць адзін аднаго.

Ядвіга Іосіфаўна змагла прабачыць нявестцы смерць свайго сына! Не будзем казаць, што гэта далося ёй вельмі лёгка. Жанчына прызналася, што не магла ўявіць, як яна першы раз загаворыць з Ленаю, як потым будзе бачыцца з ёю. Аднойчы ёй прысніўся яе сын Мечыслаў, які папрасіў: «Мама, загавары з Ленкаю...» Пакуль яна разважала над тым, як гэта зрабіць, Лена сама па­тэлефанавала ёй і дрыжачым голасам спыталася: «Мамка, ці загаворыце са мною?» Вядома ж, «мамка» загаварыла...

Дзякуючы Ядвізе Іосіфаўне і яе сынам, якія прысутнічалі на судзе і прасілі аб памілаванні для сваёй нявесткі, Лене далі невялікі тэрмін знявольвання, і праз год яна была ўжо дома. Яе шасцігадовага сына Андрэя забраў пасля пахавання да сябе Ян Зарэцкі — адзін з сыноў Ядвігі Іосіфаўны.

У Яна самога было сямёра дзяцей, але яны з жонкаю Таццянаю з адкрытаю душою прынялі сірату. На той час Ян хварэў на анкалогію страўніка, дактары дыягнаставалі 4-ю стадыю і шанцаў амаль што не давалі.

Потым гродзенскія ўрачы здзіўляліся яго цудоўнаму аздараўленню — анкалогія знікла. Многія, хто ведаў праблему, ўбачылі ў гэтым Божы знак, а таксама доказ таго, што міласціна і міласэрнасць да сіротаў і ўдоваў робяць вялікія цуды, як і напісана ў Святым Пісанні.

У Бібліі таксама напісана: «Бо ў Ім мы жывём, рухаемся і існуем...» (Дз 17, 28). Без Бога, як сведчаць айцы Касцёла, мы нічога не можам, нават дыхаць, а тым больш любіць і прабачаць. Наша гераіня добра гэта разумее. Яна мае глыбокую, жывую веру і жыве гэтаю вераю. Усе, хто добра ведае Ядвігу Іосіфаўну, сцвярджаюць, што гэта вялікай душы чалавек, а яе дабрыня, яе суперажыванне іншым, яе ахвярнасць многіх проста ўражваюць. Маючы шасцёра сыноў, яна з мужам Мечыславам прытуліла яшчэ дваіх дзяцей сваёй памерлай сястры. Пазней апекавалася пляменнікамі іншай сястры, у якой узніклі сямейныя праблемы. У савецкі час яна падрыхтавала і прывяла да споведзі і святой Камуніі сваіх дзяцей і дзяцей сваіх сясцёр. Цётка Ядзя, як сведчаць яе пляменнікі, была і застаецца для ўсёй радні надзейным чалавекам, а яе дом — прытулкам, куды можна прыехаць у любы час, каб сагрэцца і адпачыць душою.

Сёння, калі здароўе Ядвігі Іосіфаўны слабне, яе сыны па чарзе даглядаюць маці, беручы да сябе пажыць. Часта ёй тэлефануюць і некалькі разоў на тыдзень наведваюць. І гэта не проста сыноўні доўг: гэта шчырая любоў да маці, якая ўсё жыццё сваім прыкладам вучыла іх любіць Бога і людзей, вучыла дапамагаць тым, хто мае патрэбу, а таксама не трымаць ні на кога зла і ўмець заўсёды прабачыць