«Эркюль Пуаро» дапамагае дзецям убачыць «фарбы Божага Нараджэння»

Знакаміты брытанскі акцёр Дэвід Сушэ прыняў удзел у кампаніі па зборы сродкаў на дапамогу сляпым дзецям «Фарбы Божага Нараджэння». Пра гэта паведамляе партал gcshelp.org.

Дабрачынная акцыя праходзіць па ініцыятыве «Хрысціянскай місіі для сляпых», якая збірае сродкі на аперацыі па выдаленні катаракты дзецям.

Катаракта — гэта хвароба вачэй, пры якой парушаецца цалкам або часткова празрыстасць хрусталіка вока, ён мутнее.

Гэта адна з асноўных прычын слепаты ў свеце. Сітуацыю можна змяніць дзякуючы аперацыі. Яна змяняе дзіцячыя лёсы ў бедных краінах свету.

Дэвід Сушэ, які стаў папулярным дзякуючы ролі дэтэктыва-бельгійца Эркюля Пуаро, расказаў, што падштурхнула яго падтрымаць кампанію:

«Цяжка ўявіць Божае Нараджэнне без фарбаў, асабліва для дзіцяці, — кажа акцёр. — Я ганаруся тым, што падтрымліваю „Хрысціянскую місію для сляпых“ і іх праект „Фарбы Божага Нараджэння“. Ён дае магчымасць дзецям з самых бедных краін пабачыць і атрымаць асалоду ад фарбаў гэтага цудоўнага свята. Ніводнае дзіця не павінна слепнуць толькі таму, што беднае».