Гурт «Еднасць»


Гурт «Еднасць»
Ансамбль рэлігійнай песні быў заснаваны ў 1998 годзе ў Брэсце пры парафіі Узвіжання Святога Крыжа. З 2005 года ен называецца “Еднасць”. У вераснi 2007 года ў Баранавічах дзякуючы айцам-місіянерам і Польскаму клубу ў Брэсце быў запісаны дэбютны дыск ансамбля “Я люблю, таму не баюся”. Першы альбом групы прэзентуе музычную творчасць каталіцкай моладзі горада Брэста, якая паўстала падчас шматлікіх моладзевых спатканняў у касцёле і рэкалекцый, у штогадовых пілігрымках да цудоўных абразоў Маці Божай Будслаўскай і Маці Божай Лагішынскай.
Дыск выйшаў накладам 500 штук. 100 экзэмпляраў альбома дзяўчаты падаравалі на адбудову галоўнага алтара ў касцёле Узвіжання Святога Крыжа ў Брэсце, парафіянкамі якога яны з’яўляюцца. Рэпертуар ансамбля складаюць песні, якія гучаць як па-беларуску, так і па-польску і па-руску. На музычных вечарынах музыкі выконваюць свае песні пад гітару. Акрамя рэлігійнай тэмы ансамбль “Еднасць” выконвае песні, прысвечаныя Беларусі. Аўтарства песень часткова належыць яго ўдзельнікам. У першы альбом увайшло 10 песень Марыны Панішавай.

Склад ансамбля на сенняшні дзень:
Юлія Міцкевіч
Марына Панішава
Ірына Чанчавік
Таццяна Лахміцкая
Іна Чанчавік

Значныя канцэрты:
20 снежня 2007г. – выступленне ў Любліне на беларуска-польскай вігіліі.
14 чэрвеня 2008г. – выступленне ў польскім горадзе Астравец Свентакшыскі на адкрыцці выставы, прысвечанай Напалеону Ордзе.
21 жніўня 2008г. – канцэрт у Лагішыне.
6 верасня 2008г. – канцэрт у касцеле г. Бяроза.
14 верасня 2008г. – канцэрт у касцёле ў г. Брэсце.
21 верасня 2008 г. – канцэрт у.касцёле г. Пружаны.
27 верасня 2008г канцэрт на святочным адкрыцці Польскай грамадскай школы ў Брэсце.
8 студзеня 2010 канцэрт ва “Вспульноце Польскай” у Пултуску.
Планы на будучыню:
З асноўных – выданне дыску, прысвечанага Дзеве Марыі. Ужо сення нараджаюцці мелодыі, словы, прыпевы...
Калі лічыць моднай толькі тую музыку, якую штодзенна мы чуем па радыё, можна ўвогуле згубіць усялякі густ і ўяўленне аб тым, што такое сапраўдныя добрыя спевы. Такія думкі ўзнікаюць у кожнага, хто хоць аднойчы ў сваім жыцці пачуў музычны твор, які кранае сэрца. Твор, які хочацца спяваць заўседы і паўсюль, нягледзячы на яго, здавалася б, “нямоднае” гучанне. Такія песні моладзевага ансамбля “Еднасць” – запамінальныя, жыццесцвярджальныя і радасныя. Бо спяваюць іх чалавечыя сэрцы, перапоўненыя любоўю да Бога.
Перад кожным выступленнем дзяўчаты моляцца, узяўшыся за рукі. Просяць у Бога блаславення, каб праўдзіва і шчыра расказаць людзям пра тое, што самі адчуваюць і чым гатовая падзяліцца. “У нашых пошуках Бог з намі”, - перакананыя яны.
Сённяшні ансамбль “Еднасць” некалі пачынаўся з моладзевага хору ў касцеле, які збіраўся для спеваў выключна на вялікія святы – Раство, Вялікдзень. Кіравала хорам сястра-кармелітка Віталія, пра якую дзяўчаты сення ўспамінаюць з цеплай і ўдзячнай усмешкай на вуснах (зараз сястра Віталія ў Францыі).

Што ж яднае ўдзельнікаў ансамбля?
Перадусім Бог. Любоў да Бога і да людзей, якія знаходзяцца побач. І сяброўства. “Мы не прыкладныя сяброўкі, - сцвярджаюць дзяўчыны, - як кажуць, няма сяброўства без спрэчак. Адзінае, што нас сапраўды яднае, - Бог. Калі б не Ён, мы аднойчы проста раз і назаўжды пасварыліся б...”. Нягледзячы на тое, што две дзяўчыны ужо працуюць, а тры вучацца ў суседняй Польшчы, яны знаходзяць і час, і магчымасць сустракацца, каб разам славіць Бога.
...Некалі ўсе разам удзельніцы “Еднасці” напісалі сваю самую першую песню “В жизни много дорог”. З таго моманту ўжо мінула колькі гадоў, а дарогі, якімі крочаць дзяўчаты па жыцці, заўседы сыходзяцца там, дзе гэтага хоча Бог. Бо іх спевы расказваюць пра самыя простыя і самыя важныя рэчы.
Хай жа заўседы шчасціць дзяўчатам па жыцці, а дарога, якую ім паказвае сэрца, будзе асвечана Светам Божае Любові і Апекі.


Цытаты-выказванні удзельніц ансамбля “Еднасць”:

“Ствараючы чалавека, Бог даў яму сэрца, якое робіць шмат удараў. І пакуль сэрца б’ецца, мы жывем!”
“У жыцці бываюць моманты, калі здаецца, што мы адзінокія. Гэта падманная адзінота, бо з намі Госпад...”
Алена Усцілоўская