Хор


Хор
Спатканне - кожная няделя ў 9.00. Адказны - с. Марына
У «Агульных уводзінах да Рымскага Імшала» напісана: «Апостал заклікае Хрыстовых вернікаў, якія збіраюцца разам, чакаючы прыйсця свайго Пана, спяваць разам псальмы, гімны і духоўныя песні (пар. Клс 3, 16). Спеў — гэта выраз радасці сэрца (пар. Дз 2, 46). Таму слушна кажа св. Аўгустын: „Хто любіць, той спявае“, а ўжо ў старажытнасці стала прыказкай выслоўе: „Двойчы моліцца той, хто добра спявае“» (АУРІ, 39.).
Першыя дзіцячыя і моладзевыя гурты спевакоў пачалі ўтварацца пры касцёлах на мяжы 60-х і 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Гэта былі большыя або меншыя групы дзіцячага або моладзевага касцёльнага хору. Тады яны фармаваліся ў адпаведнасці са «свежымі думкамі» пастановаў Другога Ватыканскага Сабору. Людзі свецкія, асабліва моладзь, дзякуючы сваім душпастырам, усё больш усведамлялі сваю апостальскую ролю ў Касцёле. Святары, катэхеты, законныя сёстры імкнуліся ажыўляць духам Хрыста і заахвочваць да апостальства дзяцей і моладзь — такім чынам, распачалося паступовае ўкараненне пастановаў Сабору ў жыццё і свядомасць моладзі, а праз іх — ва ўсё большае кола свецкіх людзей.
Былая ўдзельніца аднаго з першых парафіяльных хораў дзеліцца сваімі ўспамінамі з таго часу, калі яна спявала ў касцёле: «Кожную суботу мы збіраліся на рэпетыцыю. У нядзелю падчас святой Імшы мы спявалі для ўсіх, і гэта быў найцудоўнейшы час у маім жыцці. Нас вучыла маладая сястра-арганістка. Як ніхто іншы, яна здолела ўвесці нас у прыгажосць свету музыкі і песні, дзякуючы якой мы імкнуліся разам змяніць свет. Спачатку сястра змяніла нашыя сэрцы, паказваючы нам прыгажосць служэння Богу праз спеў. Нашыя сустрэчы былі напоўненыя не толькі рэпетыцыямі і запісам тэкстаў новых песняў, але таксама супольнымі размовамі на жыццёва важныя тэмы, гучалі розныя пытанні і адказы на іх, часам даволі складаныя. На заканчэнне кожнай сустрэчы сястра чытала нам урыўкі з кніг ці рэлігійных часопісаў.
„Спявайце радасна, усім сэрцам, — казала сястра. — Ваш спеў — гэта не выступленне на эстрадзе, ваш спеў — гэта малітва, — тлумачыла яна. — Вы павінны сваім спевам заахвочваць іншых да малітвы, распальваць іх сэрцы любоўю да Бога. Вымаўляйце словы песні выразна, бо гэта — Евангелле ў песні. Мы абвяшчаем Евангелле, спяваючы рэлігійныя песні...“.
З гэтай нашай групы тры дзяўчыны сталі законнымі сёстрамі, адна — настаўніцай спеваў у школе, адна — салісткай у оперы, а яшчэ адна да сённяшняга дня спявае ў касцёле».
Працэс стварэння парафіяльных хораў, як адна з формаў душпастырства дзяцей і моладзі, трывае надалей і застаецца вельмі актуальным. У бягучым годзе варта ўзгадаць прыгожы і непераўзыдзены прыклад у паказе маладым людзям прыгажосці служэння Богу і бліжняму, якім з’яўляецца сённяшні Слуга Божы Ян Павел ІІ. Ён таксама цаніў вартасць супольнага спеву і бачыў у ім сілу, здольную захапіць сэрцы моладзі. Мы ўсе не раз былі сведкамі таго, як геніяльна ён наладжваў праз спеў кантакт з сотнямі тысяч сабраных маладых людзей. Пад канец свайго жыцця ён прызнаўся ў гэтым у сваёй кнізе «Устаньце, хадзем!»: «Я заўсёды любіў спяваць. Шчыра кажучы, я спяваў пры кожнай прыдатнай нагодзе. Аднак найчасцей і найбольш ахвотна я спяваў менавіта з моладдзю. Тэксты бывалі розныя, у залежнасці ад абставінаў: каля вогнішча былі народныя песні або харцэрскія, а з нагоды нацыянальных святаў, гадавіны выбуху вайны або варшаўскага паўстання, спяваліся салдацкія і патрыятычныя песні. Рытм літургічнага года па-іншаму акрэслівае характар спеваў. На Божае Нараджэнне заўсёды спяваецца (...) шмат калядкаў, а перад Вялікаднем — жалобныя песні. У гэтых (...) песнях заключаецца ўся хрысціянская тэалогія. Яны ўяўляюць сабой скарб жывой традыцыі, які прамаўляе да сэрцаў кожнага пакалення, фармуе веру. У маі і ў кастрычніку, апрача марыйных спеваў, мы спяваем (...) літаніі і гадзінкі. Нельга ўсяго пералічыць. Якое ж багацце тоіцца ў гэтай народнай паэзіі, якая спяваецца да сённяшняга дня! Як біскуп я стараўся захоўваць гэтыя звычаі, а моладзь з асаблівай ахвотаю падтрымлівала традыцыі. Лічу, што разам мы шмат карысталіся гэтай скарбніцай простай і глыбокай веры, якую продкі змясцілі ў песнях».
Можа менавіта сёння нам не хапае гэтага здаровага захавання традыцый. Душпастырства праз спеў вучыць ставіць на першае месца хрысціянскія каштоўнасці і належна перажываць святочны дзень, каб глыбокі сэнс святога дня напаўняў і ўзбагачаў потым далейшае штодзённае жыццё.
Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»