Май — месяц Марыі. Маёвыя набажэнствы.

Шырокае распаўсюджанне маёвае набажэнства набыло ў нас у ХІХ ст., але ўзнікла гэтая традыцыя значна раней. Вядома, што ўжо ў V ст. хрысціяне на Усходзе збіраліся, каб разам маліцца і спяваць песні на ўшанаванне Багародзіцы. На Захадзе ўжо ў І тысячагоддзі май дзе-нідзе лічыўся месяцам Марыі. Нарэшце, на мяжы XIII i XIV ст. узнікла думка прысвяціць гэты месяц Маці Божай. Першым гэта прапанаваў іспанскі кароль Альфонс Х (памёр у 1284 г.). Манарх, які сам заўсёды ўдзельнічаў у маёвых набажэнствах, заахвочваў да гэтага ўсіх сваіх падданых.

Благаслаўлёны Генрых Сузо, дамініканін, які жыў у XIV ст., вучань Мейстэра Экхарта і сябра Яна Таўлера — вядомых містыкаў Сярэднявечча, — узгадвае, што, будучы падлеткам, збіраў у маі кветкі і нёс іх да Маці Божай. Ён любіў таксама сплятаць з кветак вянкі і ўскладаць іх на фігуры Марыі. Маці Божая ўзнагародзіла Генрыха Сузо, даўшы яму ласку сузіраць у містычным бачанні хвалу, якую Яна прымае ад Анёлаў. У 1549 г. у Германіі з’явілася кніжка пад назваю «Духоўны май», дзе ўпершыню май быў названы месяцам Марыі. У жыццяпісе святога Філіпа Нэры (памёр у 1595 г.) захаваліся звесткі пра тое, што ён збіраў дзяцей каля фігураў і абразоў Маці Божай, спяваў з імі песні, збіраў кветкі і заклікаў прыносіць іх Марыі разам з духоўнымі дарамі і ахвярамі. Падобным чынам ушаноўвалі Марыю і маладыя італьянскія дамініканцы.

А ўкладальнікам адпаведных набажэнстваў лічыцца айцец Ансалані, езуіт (1713 г.), які ў каралеўскай капэле ў Неапалі кожны дзень мая праводзіў канцэрт спеваў на ўшанаванне Маці Божай. Канцэрты завяршаліся благаслаўленнем Найсвяцейшым Сакрамэнтам.


Дзякуючы намаганням айцоў езуітаў маёвыя набажэнствы распаўсюдзіліся па ўсёй Італіі і сталі вядомымі ў Францыі. Папа Пій VII ўстанавіў звязаны з набажэнствам спецыяльны адпуст, а благаслаўлёны Пій ІХ у 1859 г. канчаткова зацвердзіў форму маёвага набажэнства: Ларэтанская Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі, навучанне святара і благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Да канца ХІХ ст. маёвае набажэнства было вядомае практычна ва ўсім свеце. Яго распаўсюджванню на нашых землях паспрыялі таксама айцы езуіты.


Месяц май у Каталіцкім Касцёле асаблівым чынам прысвечаны ўшанаванню Найсвяцейшай Панны Марыі. На працягу ўсяго месяца вернікі збіраюцца ў касцёлах, а таксама каля каплічак і прыдарожных фігураў Маці Божай, каб разам маліцца, просячы заступніцтва Марыі.

Цэнтральнаю часткаю маёвага набажэнства з’яўляецца Ларэтанская Літанія — адзін з найпрыгажэйшых гімнаў на ўшанаванне Найсвяцейшай Панны Марыі. У ім Касцёл праслаўляе вялікія цноты і прывілеі, якімі Бог адарыў сваю верную Слугу. Літанія ўзнікла ў ХІІ ст., хутчэй за ўсё, у Францыі, і была афіцыйна зацверджаная Папам Сікстам V. Назва «Ларэтанская» паходзіць ад італьянскага мястэчка Ларэта, дзе знаходзіцца адна з найвялікшых марыйных святыняў — домік з Назарэта, у якім Марыі з’явіўся Анёл Габрыэль. Менавіта там літанія набыла вельмі вялікую папулярнасць у вернікаў.

Тэкст Ларэтанскай літаніі быў зацверджаны Папам Грыгорыем ХІІІ у 1578 г. У 1631 г. Святая Кангрэгацыя Абрадаў забараніла самавольна дадаваць да літаніі незацверджаныя звароты, і кожная наступная змена ў малітве адбывалася толькі з дазволу касцёльнай улады. Так, некаторыя ранейшыя звароты былі выключаны з тэксту малітвы, а замест іх з’явіліся новыя: Каралева Ружанца святога (1675 г.), Каралева без граху першароднага зачатая (1846 г.), Маці добрай рады (1903 г.), Каралева супакою (1917 г.), Каралева ўнебаўзятая (1950 г.), Маці Касцёла (1980 г.), Каралева сем’яў (1995 г.). Такім чынам, цяпер літанія складаецца ўсяго з 49 тытулаў і прывілеяў Найсвяцейшай Панны Марыі.

Вельмі важна практыкаваць маёвыя набажэнствы і сёння, запрашаць і заахвочваць іншых, асабліва дзяцей і моладзь, да ўдзелу ў гэтай малітве.

Малітва Марыі

Няшмат напісалі евангелісты на тэму малітвы Марыі. Некалькі радкоў, якія пачынаюцца словамі: «Велічае душа мая Пана...». Безумоўна, Марыя малілася многа, аднак толькі гэтыя словы запісаў евангеліст Лука.

Варта звярнуць увагу на тры аспекты малітвы Марыі: малітва Святым Пісаннем, малітва сваім жыццём, малітва гісторыяй свету. Малітва Марыі «саткана» з цытатаў са Старога Запавету. Гэта кажа пра тое, што Марыя вельмі добра ведала Святое Пісанне і ўмела маліцца, разважаючы над гэтымі тэкстамі, а ў пабожных асобах, пра якіх апавядалася, бачыла для сябе ўзор. Таму паўтарала іх словы.

Другі аспект малітвы Марыі — здольнасць маліцца ўласным жыццём, бачыць у ім Божае дзеянне. Марыя заўважае Бога і дзякуе Яму, што «ўзглянуў на пакору слугі сваёй» і ўчыніў ёй справы вялікія. Прыгожая здольнасць! Бачыць падзеі свайго жыцця як справы Бога, а не выпадковасці, бачыць у іх самога Бога. Хто разумее, што вялікія справы ўчыніў яму Усемагутны, і ўмее за тое дзякаваць Богу, той моліцца на ўзор Марыі.

Марыя, аднак, не абмяжоўваецца толькі асабістай падзякай, асабістымі справамі. Яна бачыць, што Божая міласэрнасць ідзе з пакалення ў пакаленне, на тых, хто Яго баіцца. Марыя ведае, што Бог «прыніжае вяльможных, а ўзвышае духоўна заможных», дапамагае бедным і прыніжаным.

Марыя бачыць справы Бога і праслаўляе Яго. Яна бачыць Божае дзеянне ў сваім жыцці, у жыцці свайго народа і ў гісторыі свету. Прыклад Марыі заахвочвае нас іначай паглядзець на сваё жыццё, каб убачыць у ім і ў гісторыі свету Божае дзеянне, Божую прысутнасць.