Вы маеце магчымасць накіроўваць свае інтэнцыі да Маці Божай Берасцейскай. Інтэнцыі будуць чытацца падчас набажэнства да Маці Божай кожную сераду пасля Святой Імшы ў 18.00.
Цудадзейны абраз Маці Божай, памерам 120х80 см, у срэбным акладзе, датуецца ХVІ ст. На ім прадстаўлена Марыя ў малітоўнай паставе, са складзенымі рукамі. Яна схіляе галаву над Немаўляткам. Праваруч Багародзіцы – св. Ян Хрысціцель, у скрусе. Яго позірк скіраваны на Збавіцеля. Абраз – копія з рымскай базылікі Sancta Maria Maggiori. Рэдкі кампазіцыйны прыём: Маці Божая схілілася над калыскай Хрыста, а не туліць Яго да грудзей. Сюжэт нагадвае паданне, у якім маладая каралеўна Бона з італьянскага роду Сфорцаў, ад’яджаючы ў Кракаў, бярэ з сабою пасаг: срэбную калыску і наказ маці аб тым, каб калыска штогод прыносіла Ягелонам немаўля. Аднак калыска доўгі час заставалася пустою і каралева Бона прынесла сваю малітву Маці Божай, просячы падараваць ёй нашчадкаў. Магчыма, мастак выкарыстаў сюжэт у кампазіцыі абраза... Пакуль абапіраючыся на тыя каштоўныя гістарычныя звесткі, якія захаваліся пра горад над Бугам, можна меркаваць аб тым, як складваўся яго лёс.