Супольнасці і рухі


Жывы Ружанец

Спатканне - кожная другая нядзеля месяца пасля Святой Імшы ў 12.00. Адказная - Яніна Мікуц

Сярод многіх груп і рухаў, якія існуюць у Касцёле, найбольш вядомым у нашым рэгіёне, напэўна, з’яўляецца Жывы Ружанец. Жывы Ружанец — гэта супольнасць людзей, у склад якой уваходзіць не менш за 20 чалавек, якія штодзённа на працягу месяца моляцца Ружанец: кожная асоба чытае адну таямніцу. Гэтыя супольнасці часта называюць «Ружамі». Хто ж не бачыў у нашых парафіях людзей, якія аб’яднаны ў Жывы Ружанец і якія моляцца ружанцовай малітвай з вялікай адданасцю і шчырасцю?


Рух «Маці ў малітве»

Спатканне - кожную сераду пасля вечаровай Святой Імшы ў 18.00. Адказны - ксёндз вікарый

Рух «Маці ў малітве» распаўсюджаны ва ўсім свеце. Яго дэвіз — «Аб’яднаўшыся ў малітве, мы выратуем нашых дзяцей». Мэта руху — усведамленне кожнай маці свайго мацярынскага паклікання праз малітву, бязмежны давер да Бога і даручэнне дзіцяці Яго абароне. Маці перш за ўсё павінна быць удзячная Богу Створцы за дар мацярынства. У гэтым сваім пакліканні і заданні маці не застаецца адна, бо яна — толькі часовы апякун душы свайго дзіцяці. Усе маці павінны ўсвядоміць, што Езус любіць іх дзяцей нават больш, чым яны самі, што Ён жадае абараніць іх і хоча, каб яны ўзрасталі ў Ім.


Міністранты

Спатканне – кожная субота ў 16.00. Адказны - ксёндз вікарый

Міністрант — гэта хлапчук або юнак, які прыслужвае святару падчас імшальнай літургіі. Слова ministrant у перакладзе з лацінскай мовы азначае «той, хто служыць, прыслужвае», а значыць, міністрант — гэта той, хто дапамагае святару пры цэлебрацыі літургіі.

Міністрант з’яўляецца памочнікам — ён дапамагае святару падчас справавання святой Імшы і іншых літургічных набажэнстваў. Яго заданнем з’яўляецца падрыхтоўка ахвярных дароў, а таксама іншага роду дапамога, напрыклад, пры апрананні святара перад літургіяй. Міністрант — гэта той, хто нясе знакі, ён падае пэўныя вызначаныя прадметы, якія з’яўляюцца неабходнымі для літургіі і маюць асаблівае значэнне. Гэтыя прадметы павінны дапамагчы вернікам, указваючы ім на іншую рэчаіснасць.


Legio Mariae — Легіён Марыі

Спатканне - кожная няделя ў 10.30. Адказная - Валянціна Кахновіч

У сваёй збаўчай задуме Бог пажадаў, каб збаўленне ў Хрысце, за справаю Духа Святога, адбылося праз пасрэдніцтва Марыі. Езус у тэстамэнце з крыжа на Галгоце вызначыў Марыі заданне — быць Маці для ўсіх людзей, пачынаючы ад Апостала Яна, які «ўзяў Яе да сябе» (Ян 19, 27). Тым самым Збаўца ўказаў усяму чалавецтву Марыю як надзейную дапамогу і найкарацейшы шлях да збаўлення.

Легіён Марыі — гэта супольнасць католікаў, якія са згоды Касцёла і пад апекаю Беззаганнай Марыі, Пасрэдніцы ласкаў, арганізаваныя на ўзор арміі, каб дапамагаць Касцёлу ў барацьбе супраць сілаў зла. Члены гэтай супольнасці выбралі менавіта Марыю як найкарацейшы шлях да святасці і збаўлення.

Гэты апостальскі рух узнік у Ірландыі, у Дубліне, 7 верасня 1921 года, у вігілію свята Нараджэння Беззаганнай Марыі. Першы прэзідыум, які быў створаны пад кіраўніцтвам Фрэнка Дафа ў прысутнасці святара, налічваў каля 15 чалавек, сабраных вакол фігуркі Беззаганнай Марыі. Фрэнк Даф (1899–1980 гг.), работнік Міністэрства фінансаў, пад уплывам «Трактата аб сапраўдным набажэнстве да Найсвяцейшай Панны Марыі» святога Людвіка Марыі Грыньён дэ Манфора стаў галоўным кіраўніком Легіёна Марыі, а таксама аўтарам «Падручніка Легіёна Марыі», якім і сёння кіруецца кожны легіянер.


Клуб каталіцкай інтэлігенцыі

Спатканне - кожную 3-юю нядзелю месяца пасля Святой Імшы ў 18.00. Адказная - Ганна Панішава

Клуб каталіцкай інтэлігенцыі ў Брэсце працуе з 2004 года. Сваей мэтай клуб мае развіццё хрысціянскага светапогляду яго прыхільнікаў праз рэлігійную асвету i сумесную культурна-асветніцкую дзейнасць. Пасяджэнні клуба адбываюцца ў касцёле Узвіжання Святога Крыжа ў Брэсце пасля вячэрняй Святой Імшы ў трэцюю нядзелю кожнага месяца. У праграме дзейнасці клуба першае месца займае вывучэнне Бібліі пры падтрымцы ксяндза пробашча. Актывісты клуба запрашаюць на сустрэчы цікавых i паважаных грамадзян горада i рэгіёна. Абмяркоўваюцца ў клубе таксама артыкулы з рэлігійных часопісаў. Сустрэчы аднадумцаў, сумесная арганізацыйная праца аб'ядноўвае вернікаў, дазваляе з'яўляцца новым праектам i планам у дзейнасці клуба.

Хор

Спатканне - кожная няделя ў 9.00. Адказны - с. Марына

У «Агульных уводзінах да Рымскага Імшала» напісана: «Апостал заклікае Хрыстовых вернікаў, якія збіраюцца разам, чакаючы прыйсця свайго Пана, спяваць разам псальмы, гімны і духоўныя песні (пар. Клс 3, 16). Спеў — гэта выраз радасці сэрца (пар. Дз 2, 46). Таму слушна кажа св. Аўгустын: „Хто любіць, той спявае“, а ўжо ў старажытнасці стала прыказкай выслоўе: „Двойчы моліцца той, хто добра спявае“» (АУРІ, 39.).

Першыя дзіцячыя і моладзевыя гурты спевакоў пачалі ўтварацца пры касцёлах на мяжы 60-х і 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Гэта былі большыя або меншыя групы дзіцячага або моладзевага касцёльнага хору. Тады яны фармаваліся ў адпаведнасці са «свежымі думкамі» пастановаў Другога Ватыканскага Сабору. Людзі свецкія, асабліва моладзь, дзякуючы сваім душпастырам, усё больш усведамлялі сваю апостальскую ролю ў Касцёле. Святары, катэхеты, законныя сёстры імкнуліся ажыўляць духам Хрыста і заахвочваць да апостальства дзяцей і моладзь — такім чынам, распачалося паступовае ўкараненне пастановаў Сабору ў жыццё і свядомасць моладзі, а праз іх — ва ўсё большае кола свецкіх людзей.

Гурт «Еднасць»

Ансамбль рэлігійнай песні быў заснаваны ў 1998 годзе ў Брэсце пры парафіі Узвіжання Святога Крыжа. З 2005 года ен называецца “Еднасць”. У вераснi 2007 года ў Баранавічах дзякуючы айцам-місіянерам і Польскаму клубу ў Брэсце быў запісаны дэбютны дыск ансамбля “Я люблю, таму не баюся”. Першы альбом групы прэзентуе музычную творчасць каталіцкай моладзі горада Брэста, якая паўстала падчас шматлікіх моладзевых спатканняў у касцёле і рэкалекцый, у штогадовых пілігрымках да цудоўных абразоў Маці Божай Будслаўскай і Маці Божай Лагішынскай.

Дыск выйшаў накладам 500 штук. 100 экзэмпляраў альбома дзяўчаты падаравалі на адбудову галоўнага алтара ў касцёле Узвіжання Святога Крыжа ў Брэсце, парафіянкамі якога яны з’яўляюцца. Рэпертуар ансамбля складаюць песні, якія гучаць як па-беларуску, так і па-польску і па-руску. На музычных вечарынах музыкі выконваюць свае песні пад гітару. Акрамя рэлігійнай тэмы ансамбль “Еднасць” выконвае песні, прысвечаныя Беларусі. Аўтарства песень часткова належыць яго ўдзельнікам. У першы альбом увайшло 10 песень Марыны Панішавай.

Парафіяльны камітэт

Інфармацыя ў распрацоўцы