Літургія

Пальмовая нядзеля

2024-01-01 13:52 Вялікі Пост
Літургія ў гэты дзень нагадвае пра ўрачысты ўезд Езуса ў Ерузалем за пяць дзён да Яго ўкрыжавання. Па словах евангелістаў “… мноства людзей слала сваё адзенне на дарозе, а іншыя зразалі галінкі з дрэваў і слалі на дарозе. А натоўпы, якія ішлі спераду і следам за Ім, усклікалі: Гасанна Сыну Давіда! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Гасанна на вьшынях!" (Мц 21, 8–9).

Літургія Пальмовай нядзелі звяртае увагу на два моманты: радасную працэсіяю з пальмамі і чытанне Мукі Хрыстовай. Такім чынам, Касцёл падкрэслівае, што перамога Хрыста і Яго ахвяра непарыўна звязаныя паміж сабой.

У Пальмовую нядзелю святары апранаюць літургічнае адзенне чырвонага колеру – колеру крыві, які акрамя радасці гаворыць нам пра іншае значэнне гэтага свята, таму што менавіта гэты дзень пачынае паслядоўнасць падзей, якія прывялі да выратавання ўсяго свету. Хрысціянскія таямніцы веры пераплятаюцца - хвала і радасць утвараюць непарыўнае цэлае з пакутамі, бо ў цярпенні і пакуце было абвешчана аб уваскрэсенні і выратаванні.

Удзел у літургіі Пальмовай нядзелі азначае нашу згоду на крыж і пакуты разам з Езусам Хрыстом, менавіта на такі і ніякі іншы лад жыцця. У некаторых парафіях літургічная служба выходзіць па-за касцёл, потым працэсія набліжаецца да зачыненых дзвярэй храма, у якія святар стукае крыжам тры разы, сімвалічна паказваючы, што крыж адкрывае шлях на нябёсы.

Пальмовая нядзеля распачынае ў Каталіцкім Касцёле Вялікі тыдзень.

Падчас гэтага абрада спяваецца антыфона: «Падыміце вярхі вашыя, брамы, узніміцеся адвечныя вароты, каб увайшоў кароль славы". Адразу пры ўваходзе ў касцёл чытаецца Евангелле аб трыумфальным ўездзе Езуса ў Ерузалем, а затым святар асвячае пальмы. Пазней іх спальваюць, а попелам пасыпаць галовы вернікаў на Папялец ў наступным годзе.

Вытокі літургіі святкавання Вялікадня былі знойдзены ў Ерузалеме ў чацвёртым стагоддзі. У тыя дні, па меры магчымасці, спрабавалі як мага дакладней перадаць сцэны з жыцця Езуса. З цягам часу набылі папулярнасць больш тэатралізаваныя шэсці - у Егіпце наперадзе нясуць крыж; ў Ерузалеме біскуп, прадстаўляючы Хрыста, заязджае ў горад на асле.

Звычай асвячэння пальм з’явіўся ў Касцёле ў адзінаццатым стагоддзі. Пальмы ў Беларусі часта замяняюць галінкамі вярбы. Часта пасля асвячэння пальмы закладваюць за крыжы і абразы, каб яны баранілі хату ад стыхійных бедстваў і былі знакам Божага благаслаўлення. Таксама пальмы маглі ўтыкацьу поле, каб Пан Бог сцярог пасевы і ўраджай ад граду, дажджоў, засухі і замаразкаў.