Такімі словамі я хачу прывітаць вас, дарагія браты і сёстры, на пачатку Адвэнту, літургічнага перыяду, які кажа нам аб прыйсці. Ён нагадвае нам аб Кімсьці, хто прыходзіць, і аб нашым стаўленні да факта Яго прыйсця. Тым, хто ідзе, з’яўляецца Сын Божы, Езус Хрыстус. А наша пастава — надзея і радаснае чаканне. Мы ўсклікаем: Maranatha, г.зн.: прыйдзі, Пане!
Адвэнт мае два вымярэнні. Адно з іх — гістарычнае. Мы ўзгадваем першае прыйсце Хрыста, якое стала спаўненнем абяцання, змешчанага ў трэцім раздзеле кнігі Быцця (пар. Быц 3, 15). Яго называюць протаевангеллем, адказам на першародны грэх і ўзніклае зло. Адначасова мы глядзім у будучыню, а значыць усведамляем факт і верым, што Хрыстус «прыйдзе судзіць жывых і памерлых, і Яго Валадарству не будзе канца».
Надзея на гэта прыйсце вынікае з глыбокага досведу веры ў праўду аб Уцелаўленні і Божым Нараджэнні. Яна, такім чынам, становіцца сэнсам і спаўненнем нашага зямнога жыцця. «Бо ў Ім мы жывём, рухаемся і існуём», — гаворыцца ў Дзеях Апосталаў (пар. Дзеі 17, 28). У сваю чаргу святы апостал Павел сцвярджае: «І ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус» (Гал 2, 20).
Два аспекты Хрыстовага прыйсця вельмі важныя для нас. Кожны Адвэнт з’яўляецца часам выключна прыгожым і шчодрым на збавенныя ласкі. Кожны раз нам трэба нанова адкрываць гэту таямнімцу. Мы добра ведаем, што Адвэнт — гэта час чакання. Біблійны Адвэнт працягваўся тысячы гадоў.
Цэлыя пакаленні выбранага народу прабывалі ў стане чакання. Яны нараджаліся і паміралі з надзеяй збаўлення. А мы цяпер гэты доўгі перыяд сімвалічна ўкладваем у некалькі тыдняў літургічнага года. Так мы рыхтуемся да святаў Божага Нараджэння. Нам трэба пастарацца перажыць гэты час з надзеяй, падобнай да той, якую меў народ Ізраэля. Такі характар маюць адвэнтавыя спевы і старажытны заклік «Прыйдзі, Пане!».
Адвэнтавае чаканне вучыць нас цярплівасці. Час, у які мы жывём, вучыць іншаму — нецярплівасці. Свет рэкламы імкнецца маніпуляваць намі, падсоўваючы думку, што ўсё трэба мець цяпер, без якога-кольвек чакання.
Гэта ідэя стала дамінуючай у эканоміцы і маркетынгу. Сёння цэніцца не сама прадукцыя, а ўменне прадаць яе чым хутчэй, без чакання.
Аднак жыццё будуецца на іншых прынцыпах. Яно не можа абысціся без чакання. Напрыклад, жанчына, каб магла стаць мамай і цешыцца дзецьмі, павінна чакаць дзевяць месяцаў. І гэтага нельга абмінуць. Напэўна, ніхто не бачыў рэкламнага закліку: «У нас ты зможаш нарадзіць ужо праз тыдзень чакання». Усяму свой час. Гэты час чакання можа быць прыгожым і прыгожа пражытым. Марыя ў пачатку свайго «Адвэнту» з радасцю пайшла да Альжбеты, каб на працягу трох месяцаў служыць ёй. І гэты час Яна напоўніла любоўю.
Што рабіць нам? Перадусім, мае дарагія, не будзем марнаваць Адвэнт! Будзем радавацца гэтаму перыяду, усведамляючы яго гістарычны кантэкст, сэнс і значэнне.
У Еўропе Адвэнт успрымаецца амаль як Божае Нараджэнне. Ужо на самым пачатку ставяцца ёлкі, а ў супермаркетах гучаць калядкі. Многія, хто быў за мяжою, бачыў гэта.
Такая мода паступова з’яўляецца і ў нас. Але нам, хрысціянам, варта памятаць пра іншае вымярэнне Адвэнту. Для нас гэта час працы над сабою. Будзем шукаць тых, каму патрэбна наша дапамога. У кожным патрабуючым важна заўважыць прыходзячага Збаўцу. Будзем старацца ўдзельнічаць у адвэнтавых рэкалекцыях. Не варта губляць час на беганіну па магазінах.
Час набыць падарункі яшчэ будзе. Лепш пастарацца ўнутрана сцішыцца, каб пачуць, што Пан ужо блізка. Вынікам добрага і плённа пражытага Адвэнту няхай будзе сапраўдная радасць Божага Нараджэння, калі будзем добра ведаць, Хто і навошта прыйшоў.
На час Адвэнту ад сэрца ўдзяляю ўсім вам, дарагія вернікі, Божае благаслаўленне