Навіны

Пастырскі ліст на Вялікі Пост Яго Эксцэленцыі Антонія Дзям’янка Біскупа Пінскага

2019-02-10 07:47 Навіны
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!

Уваходзячы ў перажыванне Вялікага Посту, мы запрошаныя нанава адкрыць глыбіню нашай веры. У літургіі Велікоднай Вігіліі, благаслаўляючы Пасхал, святар вымаўляе словы: „Хрыстус учора і сёння, пачатак і канец, альфа і амега”. Гэтыя словы паказваюць нам Божага Сына як спрадвечную і жывую крыніцу Евангелля, якое ўсцяж з’яўляецца тым самым заклікам Жыцця ўчора, сёння і навекі. Яно – адвечная мудрасць – ніколі не старэе. Больш таго, вернасць Евангеллю прыводзіць да таго, што сапраўднае хрысціянства застаецца вечна маладым, няспынна перажывае вясну.

Касцёл, як жывая супольнасць Божага народу, трывае ў вернасці Евангеллю, якое пабуджае яго да дзейнасці з дапамогай Духа Святога (гл. Другі Ватыканскі Сабор, канст. Lumen gentium, 1; KKK 775). Хрыстовы Касцёл, да якога мы прыналежым, з’яўляецца больш харызматам і сведчаннем, чым інстытуцыяй, якая нагадвала б свецкую супольнасць. Касцёл нястомна абвяшчае Евангелле прыводзячае нас да адкрыцця Валадарства Пана, якое паходзіць не з гэтага свету. Адначасова Божае слова нагадвае, што гэты свет паходзіць ад Бога і мы пакліканы яго асвячаць. Асабліва перыяд Вялікага Посту пабуджае нас да таго, каб мы аднавілі ў сабе радасць і заданні, якія выплываюць з нашай прыналежнасці да Хрыстовага Касцёла ў тым часе і месцы, у якім мы жывем.

Вечная маладосць Касцёла павінна перакладацца на жыццё кожнага з нас. Бо нездарма праз прыняцце сакрамэнту хросту мы сталіся членамі супольнасці, якая з’яўляецца Містычным Целам Хрыста (гл. Рым 6, 4-5; 1 Kар 12, 13; Kал 1,18; Другі Ватыканскі Сабор, канст. Lumen gentium, 7). Таму штодзённы кантакт з Евангеллем, яго разважанне і застасаванне ў жыцці становяцца крыніцай таксама нашай духоўнай маладосці.

Жыць паводле яго – гэта пытацца ў кожным сумненні: што на маім месцы зрабіў бы Езус? Жыць паводле Евангелля азначае не толькі пазнаць Хрыста, а праз Яго і Айца, але таксама паставіць Езуса ў цэнтры свайго жыцця, учыніць Яго Настаўнікам і Панам сваёй штодзённасці, дасведчыць Яго любові, Яго позірку, Яго дотыку. Як казаў св. Ян Павел ІІ, не будзем жа баяцца адкрыць для Яго насцеж дзверы нашага жыцця.

Усцяж жывая і маладая вера Касцёла мае канкрэтнае пацвярджэнне ў нашыя часы. Гэта пантыфікат і асоба Папы Францішка. “Бог малады!” – гэта яго словы ўпісаныя ў загаловак вядомага інтэрв’ю з Томасам Леанчыні. Гэтыя словы некаторых могуць шакаваць, але яны пацвярджаюць глыбокую праўду выплываючую з духа Евангелля. Усё навучанне Пантыфіка запрашае нас да адносінаў “Бог і я” – Яго Любоў і мой адказ на яе. Папа жадае, каб Касцёл не пераставаў нагадваць людзям пра гэтыя адносіны. Святы Айцец прагне, каб Касцёл не пераставаў быць сродкам і не ператвараўся ў самамэту. Бо мэта – гэта перажыванне міласэрнага дотыку Бога і з’яднанне з Ім праз досвед супольнасці Касцёла. Менавіта ў гэтым навізна і вясна сучаснага пантыфікату. Таму няхай Папа Францішак і яго вялікапостны сёлетні заклік стане для нас правадыром на шляху перамены нашага жыцця.

Мае дарагія! Хачу паказаць Вам асаблівы спосаб дотыку Богам чалавека. Гэта сям’я. Добрая, веруючая і любячая сям’я. Менавіта такую сям’ю Другі Ватыканскі Сабор назваў “хатнім Касцёлам”. Бо дзе, калі не ў сям’і, дзіця дасведчыць бацькоўскай любові і адчуе сапраўднае пачуццё бяспекі? Што лепш за ўсмешку любячай маці супакоіць боль, забяспечыць зразуменне і прыняцце? Што лепш за любячага бацьку забяспечыць жыццядзейнасць сям’і? Ці гэта не прыклад святой Сям’і з Назарэта?

Таму Вялікі Пост няхай станецца часам для сям’і. Няхай будзе перыядам, калі нашыя сем’і, узіраючыся ў Ахвяру Збавіцеля, зачарпнуць з яе новыя сілы да перажывання штодзённасці ва ўзаемнай любові і ахвярнасці. Вялікі Пост, праведзены з сям’ёй, няхай будзе асаблівым вопытам прабывання ў супольнасці з Касцёлам. Бо калі сям’я – гэта “хатні Касцёл”, то парафія – гэта сям’я сем’яў. Таму сям’ёй з’яўляецца таксама і дыяцэзія як супольнасць парафій. Пантыфікі асабліва ў апошнія часы імкнуцца перанесці вопыт прабывання ў сям’і на перажыванне прабывання ў супольнасці Паўсюднага Касцёла.

Дарагія! Вы бачыце, наколькі важна мець досвед жыцця ў сям’і. Як важна, каб чалавек у сям’і адкрываў, што Бог – гэта Любоў, каб у сям’і вучыўся маралі, якая выплывае з веры і пазнання сумлення як голасу Пана. Таму неабходна бараніць сям’ю ў яе сапраўдным, натуральным, Божым разуменні. Мы жывем у такі век, калі нас, людзей, часам трэба бараніць ад нас самых. Бо ўсе сучасныя пагрозы сям’і з’яўляюцца наступствам пошуку чалавекам лягчэйшага шляху, кампрамісу са слабасцю і грахом. Таму сям’я становіцца для нас дарам і заданнем. Прымем жа гэты дар з удзячнасцю, усведамляючы адказнасць за перадачу яго ў непарушнай форме і змесце дадзенымі Богам.

На пачатку Вялікага Посту паставім яшчэ раз пытанне: што рабіць, каб гэты перыяд пакаяння і навяртання стаў для кожнага з нас чымсьці асаблівым, адкрыццём чагосць новага? Хачу запрасіць перажыць гэты час у супольнасці сям’і. Менавіта разам з усёй сям’ёй пастарацца прыняць удзел у вялікапостных рэкалекцыях, увайсці ў глыбейшае перажыванне велікапостных набажэнстваў, асабліва Крыжовага Шляху і Песняў Жальбы. Таксама разам збірацца на малітвы і чытанне Божага слова. Усё гэта напэўна паспрыяе аднаўленню і перамяненню нас і нашых узаемаадносін на лепшае.

Няхай гэты перыяд Вялікага Посту ў нашых сем’ях, а асабліва ва ўсёй дыяцэзіяльнай сям’і, станецца часам руплівай малітвы аб пакліканнях да святарства і манаства з нашых парафій. Больш за палову парафіяльных супольнасцей у Пінскай дыяцэзіі з’яўляюцца “сіратамі” - не маюць на месцы пастаяннага душпастыра. Таму заахвочваю ахвяраваць пост, малітвы, учынкі міласэрнасці горача просячы Пана аб новых, святых і шматлікіх святарскіх пакліканнях. Няхай муры нашай Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску напоўняцца тымі, хто з адвагай пойдзе за голасам паклікання, каб служыць Богу і людзям у нашых парафіяльных супольнасцях.

Умілаваныя! Пастараемся перажываць Вялікі Пост адкрываючы няспынна навізну сустрэчы з Хрыстом і Яго Евангеллем у нашым жыцці, перажываючы гэта разам са сваімі сем’ямі дома, у парафіі, дыяцэзіі і ўсёй сям’і святога і паўсюднага Касцёла.

На гэты час ласкі і яго плады з сэрца благаслаўляю абяцаючы малітву і просячы пра яе.

Антоні Дзям’янка

Біскуп Пінскі

Пінск, 06.03.2019