Сёстры Кармэлітанкі Дзіцятка Езус

(Congregatio Sororum Carmelitarum Infantis Iesu)
  • Сёстры кармэлітанкі Дзіцятка Езус (Congregatio Sororum Carmelitarum Infantis Iesu) працуюць у нашай парафіі з 1991 года.
    Супольнасць сясцёр Кармэлітак Дзіцятка Езус з’яўляецца інстытутам на папскім праве, заснаваная Слугой Божым айцом Ансэльмам ад св. Андрэя Карсіні і Маці Тэрэзай ад св. Юзафа. Харызмат супольнасці глыбока закараняецца ў духоўнасці Кармэлю. Жыве і развіваецца кантэмпляцыяй (сузіраннем) і апостальствам, карыстаючыся духоўнымі дабротамі ордэна.

    Галоўным заданнем Кармэліцкага Ордэна ў Касцёле з’яўляецца глыбокае жыццё малітвай і апостальствам Божага Слова. Кармэль вядомы ва ўсім Касцёле дзякуючы культу шматлікіх святых. Сярод іх найбольш вядомыя: св. Тэрэза ад Езуса, св. Ян ад Крыжа, св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус і, сын беларускай зямлі, св. Рафал Каліноўскі.

    Некалькі стагоддзяў у Польшы існавалі толькі кантэмпляцыйна-кляўзуровыя кляштары сясцёр кармэлітак босых. Пасля першай сусветнай вайны, калі адрадзілася польская правінцыя Кармэлітаў Босых, у 1920 годзе яе першым правінцыялам становіцца айцец Ансэльм ад св. Андрэя Карсіні.

    Сціплы святар, босы кармэліт, айцец Ансэльм, ідучы за натхненнем Духа Святога, і, адказваючы на патрэбы часу, лічыў неабходным зашчапіць у грамадстве дух малітвы, як гэта ўжо было ў іншых краінах. Глыбокім прагненнем, якое доўга насіў у сваім сэрцы, было заснаванне кантэмпляцыйна-чыннай супольнасці.

    Менавіта ў гэты час да айца Ансэльма звяртаецца дырэктар Таварыства Дабрачыннасці ў Сасноўцы, ксёндз Францішак Рачынскі, з посьбай аб прысланні сясцёр кармэлітак, якія б маглі займацца харытатыўнай дзейнасцю сярод бедных гэтай мясцовасці. Адказам айца Анзэльма на гэту прапанову было заснаванне Супольнасці сясцёр кармэлітак Дзіцятка Езус. ,,Провід Божы, -як казаў айцец Ансэльм, - сам знайшоў шлях і спосаб рэалізацыі гэтай Боскай справы”.

    Першай настаяцельніцай айцец Ансэльм выбраў сястру Тэрэзу ад св. Юзафа (раней Яніна Керацінская (1885-1946гг.), духоўным кіраўніком якой з’яўляўся шматлікія гады. Першыя сёстры, пасля атрымання манаскага адзення ў кляштары кармэлітак босых у Кракаве (31 снежня 1921 г.), адразу накіраваліся ў Сасновец, каб распачаць працу на 9-ці пляцоўках Таварыства Дабрачыннасці.

    Пачатковая дзейнасць супольнасці ў Саснойцы была незвычайна цяжкая. Сёстры арганізавалі дапаможныя кухні для дзяцей, раздавалі адзежу, харчаванне. Акрамя гэтага працавалі ў двух дамах састарэлых, вялі пераплётную майстэрню, дадаткова займаліся кравецтвам і вышывыннем. Маці Тэрэза асаблівым чынам апекавалася лёсам дзяцей-сірот, стараючыся замяніць ім родную маці.

    Аднак празмернасць працы не дазваляла сёстрам праводзіць рэгулярнае манаскае жыццё і духоўную фармацыю супольнасці, якая стаяла яшчэ на парозе свайго стварэння. Толькі дзякуючы поўнаму даверу Богу і гераічнай паставе Маці Тэрэзы, супольнасць перанесла сапраўды балесныя выпрабаванні, зазнала беднасць і незразуменне. Маладая супольнасць, аднак, вельмі патрабавала грунтоўнай кармэліцкай фармацыі, галоўнай рысай духоўнасці якой, з’яўляецца малітоўнае трыванне перад Богам.

    Неспадзявана прыходзіць Другая Сусветная вайна. Дом у Сасноўцы, па вул. Вейскай, становіцца рэлігійным, дабрачынным, а таксама патрыятычным цэнтрам. Маці Тэрэза сапраўды несла прыклад гераічнай мужнасці. Пастанавіла, што сёстры не пакінуць Сасноўца і будуць дзяліць лёс вайны разам з яе жыхарамі. Заахвочвала сясцёр і ўсіх людзей да несупыннай малітвы за церпячы народ, а таксама за вызваленне Радзімы. Нават атрымала дазвол ад саміх немцаў на арганізацыю дзіцячага садку. Нелегальна праводзіла майстэрні вышывання і трыкатажу, кіравала хімічнай пральняй. Дзякуючы яе намаганням, дзейнічала кухня для бедных. З ружанцам у руках абыходзіла дом, ахінаючы яго малітвай ад небяспекі. Разам з усёй супольнасцю, трываючы на начных адарацыях доўгімі гадзінамі, выпрошвала патрэбныя ласкі для, змучанай вайной, краіны. За ўсе ахвяры і вернасць Бог цудоўным чынам аберагаў супольнасць ад рознай небяспекі: знаменным з’яўляецца тое, што ніводная сястра не загінула.

    Змучаная адданай і бескарыслівай працай для Бога і людзей, вычарпаная хваробай, Маці Тэрэза адыйшла да вечнасці па ўзнагароду Пана ў дзень 12ліпеня 1946 года.

    „У Кармэлі жывуць Эўхарыстыяй”. Кожны дом супольнасці – гэта Бэтлеем, у якім нараджаецца Дзіцятка Езус. Яго прыклад – „Маленькага Боскага Заснавальніка” – з’яўляецца для сясцёр узорам іх жыцця і духу. „Дзіцячасць” сясцёр выяўляецца не ў словах або ўчынках, а ў пакоры і ахвяры, у прастаце думак і апостальстве радасці сярод „маленькіх гэтага свету”.

    Праз дар святога Шкаплера сёстры звязаныя моцнай сувяззю са сваёй Маці і Каралеваю, Гэтым знакам кожная кармэлітка Дзіцятка Езус вызнае, што яна – дзіця Маці Божай, што яна наследуе жыццё Марыі у кантэмпляцыі таго, што пазнае праз Божае Дзіцятка.

    Галоўнай мэтай супольнасці – з’яўляецца дбанне пра хвалу Божую і ўзрастанне ў святасці, практыкуючы тры манаскія шлюбы: чыстасць, убогасць і паслухмянасць.

    Асаблівай мэтай - з’яўляецца любоў і служэнне бліжнім, займаючыся выхаваўчай дзейнасцю сярод дзяцей і моладзі, асабліва найбяднейшых і пакінутых бацькамі, у асяроддзях духоўна запушчаных. Праз прыклад уласнага жыцця, апостальства і ўчынкі міласэрнасці, навучаюць іншых праўдам веры, малітве і пакуты ў духу Святога Касцёла і Кармэліцкага Ордэна.

    Асаблівы абавязак малітвы за святароў і місіянераў – з’яўляецца патрэбаю сэрца кожнай кармэліткі, якое вызначыла св.Тэрэза ад Дзіцятка Езус.

    Дзіцятка Езус – гэта той, хто захапляе і заахвочвае ісці пад штандарам Яго Дзяцінства ў ахвярнай любові, „праслаўляючы Бога малітваю і апостальствам”. Дзякуючы Яму, колькасць сясцёр павялічваецца, супольнасць расце (актуальна налічваецца панад 500 сясцёр). Дзелячыся скарбам даручанага харызмату, сёстры праводзяць катэхізацыю ў школах, кіруюць і займаюцца дзіцячымі садамі, арганізоўваюць рэкалекцыі, а таксама, праз харытатыўную дзейнасць выконваюць функцыю закрыстыянак і арганістак у парафіях.

    На працягу трыццаці гадоў сёстры працуюць на місіях у Бурундыі і Руандзе (Афрыка). Асабліва развіваюцца ў Польшы, Беларусі. Латвіі, Чэхіі, Славакіі, на Украіне. Знаходзяцца дамы таксама ў Францыі, Аўстрыі і Рыме.
Made on
Tilda