Папяльцовая Серада распачынае саракадзённы пост. Лічба сорак у Св. Пісанні азначае пэўны час, прызначаны на нейкае канкрэтнае заданне чалавека ці выратавальнае дзеянне Бога.
Падчас Вялікага Посту Касцёл узгадвае не толькі сорак дзён, праведзеных Езусам у пустыні ў малітве і посце перад пачаткам Яго публічнай місіі, але і тры іншых вялікіх біблейскіх падзеі: сорак дзён паўсюднага патопу, пасля якога Бог заключыў саюз з Ноем; сорак гадоў паломніцтва Ізраэля па пустыні да зямлі абяцанай; сорак дзён знаходжання Майсея на гары Сінай, дзе ён атрымаў ад Бога Скрыжалі Закону.
Перыяды і дні пакуты з'яўляюцца ў Касцёле спецыяльным часам духоўных практыкаванняў, пакутнай літургіі, паломніцтваў пакутнага характару, добраахвотнага самаахвяравання, такога як пост і міласціна, ініцыяцыявання дабрачынных і місійных спраў. З літургіі знікае радасныя “Алелюя” і “Хвала на вышынях Богу”, а колерам літургічнага адзення становіцца фіялетавы. Сутнасцю застаецца падрыхтоўка супольнасці вернікаў да найважнейшага свята хрысціян, якім з’яўляецца Пасха.
Вялікі Пост з’яўляецца таксама перыядам падрыхтоўкі катэхумэнаў да сакрамэнту хросту. Кожная нядзеля ўводзіць іх у наступныя таямніцы веры, а на Вялікдзень, падчас Пасхальнай Вігіліі, адбываецца абрад хросту.
Памятай, што ты - прах і ў прах вернешся (Быц 3,19)
Упершыню аб саракадзенным посце ўспамінае святы Афанасій з Александрыі ў пастэрскім пасланні з нагоды Вялікадня ў 334 г. У IV стагоддзі гэтую традыцыю пацвярджае Эгерыя ў сваім дзённіку, а таксама Кірыл Іерусалімскі, калі піша ў сваіх катэхезах аб сарака днях пакуты.
У рымскім Касцёле пост пачынаўся ў шостую нядзелю перад Пасхай. У клопаце аб захаванні саракадзённага посту (у той час не посцілі у нядзелю, а на Усходзе ў суботу і нядзелю) было вырашана перанесці пачатак Вялікага Посту з нядзелі на сераду. Канчаткова серада як пачатак Вялікага Посту ўвайшла ў пастаянную традыцыю рымскага Касцёла ў 1570 годзе.
Традыцыйны абрад пасыпання галоў попелам суправаджаюць ў Вялікую Сераду наступныя словы: «Памятай, што ты - прах і ў прах вернешся» (Быц 3,19) альбо “Кайцеся і верце ў Евангелле"(Мк 1, 15).
Сам звычай пасыпання галоў попелам на знак жалю і пакуты вядомы ў многіх культурах і традыцыях. Мы знаходзім яго як ў старажытным Егіпце і Грэцыі, так і ў індзейскіх плямёнах, а таксама, вядома, на старонках Бібліі, напрыклад, у Кнізе Ёны або Ёэля. Літургічная адаптацыя гэтага звычаю з'яўляецца аднак толькі ў VIII стагоддзі. Першыя сведчанні аб асвячэнні попела з’яўляюцца з X стагоддзя. У наступным стагоддзі папа Урбан II увёў гэты звычай, як абавязковы ва ўсім Касцёле. Таксама з таго часу паходзіць звычай атрымання попелу да пасыпаня галоў вернікаў з пальмаў, пасвечаных ў Пальмавую Нядзелю папярэдняга года.