Навіны

Пастырскі ліст Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на заканчэнне Юбілейнага года ў Паўсюдным Касцёле

Пастырскі ліст Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі

на заканчэнне Юбілейнага года ў Паўсюдным Касцёле

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі
Умілаваныя ў Езусе Хрысце святары, кансэкраваныя асобы, свецкія
вернікі, людзі добрай волі!
З Божай ласкі 28 снежня 2025 г. на дыяцэзіяльным ўзроўні ва ўсіх
партыкулярных Касцёлах на свеце адбываецца заканчэнне Юбілейнага Года. У
Апостальскай Сталіцы ўрачыстае завяршэнне Юбілею адбудзецца ў свята
Аб’яўлення Пана 6 студзеня 2026 г. закрыццём юбілейнай брамы ў ватыканскай
базыліцы святога Пятра.
Мы адзначаем гэтыя даты ў нашай стогадовай Пінскай дыяцэзіі ў духу
падзякі Пану Богу за Яго незлічоныя ласкі. Завяршаем час, калі мы ўзгадвалі
вялікую спадчыну мінулага, усведамлялі наяўныя шчодрыя Божыя дары ў
сучаснасці, а таксама з хрысціянскай адвагай і аптымізмам глядзелі ў
надыходзячую будучыню. Давяраем наш далейшы шлях Божай любові і
мудрасці. Стоячы на парозе заканчэння Юбілейнага года, імкнемся яшчэ раз
замацаваць у сваім розуме і сэрцы тыя добрыя пастановы, з якімі хочам крочыць
далей, ідучы следам за Хрыстом і Яго Касцёлам.
Святы Айцец Леў XIV перад сваёй нядаўняй пілігрымкай у гадавіну
Нікейскага Сабору, якая адбылася 27-30 лістапада 2025 г., скіраваў да вернікаў
спецыяльны апостальскі ліст пад тытулам “Іn unitate fidei” (“У адзінстве веры”).
У гэтым пасланні Папа акрэслівае 1700-ую гадавіну гэтага Сабору і яго вялікую
спадчыну – знакамітае Вызнанне веры – як дар Божага Провіду на заканчэнне
Святога Юбілею. Пантыфік запрашае нас звярнуць увагу на ключавыя моманты
нашай веры. Ухваленае гэтым Саборам хрысціянскае Вызнанне стала адказам
Касцёла на ўсцяж актуальнае пытанне Езуса Хрыста, якое Ён скіраваў да сваіх
апосталаў: “Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?” А таксама: “Кім вы лічыце
Мяне?” (гл. Мц 16, 13-15). Думаю, што ў часе Юбілейнага Года наш Пан не
пераставаў задаваць гэтае пытанне кожнаму з нас. Важна было даць асабісты
адказ Збавіцелю, усведамляючы сябе часткай вялікай сям’і Паўсюднага Касцёла,
а адначасова – часткай яго мясцовай супольнасці – сваёй дыяцэзіі.
Нашым адказам на пастаўленае пытанне Езуса Хрыста аб тым, кім мы Яго
лічым у сваім жыцці, напэўна былі словы, якія Ён пачуў ад апостала Пятра: “Ты
– Месія, Сын Бога Жывога” (гл. Мц 16, 16). Спадзяюся, што ў канцы Юбілейнага

2
года кожны з нас будзе часта паўтараць гэтае вызнанне веры ў збаўчую моц
нашага Адкупіцеля. Бо для гэтага Ён стварыў Паўсюдны Касцёл і ўсе яго часткі,
у тым – нашу Пінскую дыяцэзію, каб кожны меў як мага лепшыя магчымасці
пазнаць Хрыста і адкрыцца на дзеянне Божай ласкі. Каб усе мы пайшлі за
Божым Сынам як тыя вучні ў Эмаус, калі адчулі ў сэрцы полымя дзеючага Духа
Святога і распазналі Пана Езуса ў разважанні Божага Слова і ламанні Хлеба. Тыя
вучні, якія спачатку Яго не пазнавалі, скіравалі да Яго вельмі важныя словы
запрашэння: “Застанься з намі, бо вечарэе” (гл. Лк 24, 29). Часам можа і ў нашым
жыцці надыходзяць моманты, калі нам цяжка зразумець тое, што адбываецца
вакол нас і ў нашым асяроддзі, сям’і ці ўласнай душы. Можам не разумець таго,
што чуем у Божым Слове, чаму так важная Эўхарыстыя і іншыя сакрамэнты. І
адначасова адчуваем блізкасць прысутнасці Пана і таго, што добра нам быць
разам з Ім. Святы Юбілейны год стаў шляхам, на якім мы адкрывалі
разнастайныя магчымасці наблізіцца да Міласэрнага Бога, на нова адкрыць Яго
слова і з новым энтузіязмам пачаць чэрпаць ласкі ў святых сакрамэнтах.
Адначасова гэты шлях нагадаў нам пра тое, што на кожным кроку нашага
духоўнага жыцця нам прыходзіцца зноў і зноў аднаўляць свой свядомы адказ на
пытанне Збавіцеля: “А вы кім лічыце Мяне?”
Умілаваныя браты і сёстры! Няхай гэтае пытанне застанецца з намі пасля
завяршэння Юбілейнага года. Бо хоць заканчваецца святы перыяд асаблівай
Божай ласкі, аднак адказ на пастаўленае пытанне Хрыста нам прыйдзецца даваць
і надалей у самых розных акалічнасцях. З намі застаецца асаблівая прастора
дзеяння Духа Святога: Паўсюдны Касцёл, парафіяльныя супольнасці нашай
дыяцэзіі, у якіх мы знаходзім дапамогу і падтрымку ў пошуку адказу на ўсе
пытанні веры і жыцця.
Адказваючы на заклік Хрыста ў перыяд Святога Юбілею, нам былі
дадзеныя шматлікія магчымасці аднавіць усе сферы свайго жыцця ў Езусе
Хрысце. Гэты заклік: "Instaurare omnia in Christo" – “Аднавіць усё ў Хрысце”, які
Папа Пій X на пачатку XX стагоддзя скіраваў да ўсяго Касцёла, моцна зноў
загучаў у нашай Пінскай дыяцэзіі ў часы яе адраджэння на мяжы XX і XI
стагоддзяў, калі кардынал Казімір Свёнтэк склікаў Сінод з мэтай аднаўлення
жыцця дыяцэзіі з улікам усіх патрэбаў сучаснасці.
Адыходзячы Юбілейны год стаў для ўсіх нас часам асаблівага Божага
благаслаўлення і працягу духоўнай адновы. Мы імкнуліся добра распазнаць гэты
час і ўсе дары Пана, якія, спадзяёмся, прынясуць шчодрыя плёны на нашым
далейшым шляху. Збіранне гэтых плёнаў будзе працягвацца. Няраз мы будзем

3
вяртацца ў нашых успамінах да гэтага юбілейнага часу ласкі і міласэрнасці,
адкрываючы ўсё новыя і новыя вымярэнні таго, як шмат атрымалі ад Пана і як
важна добра скарыстацца Ягонымі дарамі.
На парозе новага стагоддзя нашай Пінскай дыяцэзіі жадаем прасіць Пана,
каб усе Ягоныя благаслаўленні ляглі на добрую глебу нашых адкрытых сэрцаў,
поўных духоўнага энтузіязму і жадання будаваць лепшую будучыню.
Народная мудрасць кажа: хто шчыра дзякуе, той яшчэ болей атрымлівае.
Маем за што дзякаваць Богу. Хачу запрасіць усіх вас на сумесную святую Імшу
падзякі за ўсе ласкі, якія атрымала наша дыяцэзія ў гэтым Юбілейным годзе. 28
снежня ў Пінскім катэдральным касцёле а 10.30 адбудзецца ўрачыстая літургія з
абрадам заканчэння Святога Юбілею на дыяцэзіяльным узроўні. Сузіраючы
прыгожую гісторыю Пінскай дыяцэзіі, стагоддзе якой мы сёлета адзначалі,
жадаем на гэтай святой Імшы на завяршэнне Юбілейнага года падзякаваць Пану
Богу за “сёння” Касцёла на нашай зямлі. Палдзякаваць за тое, што мы разам
ствараем адну Божую сям’ю. Хочам за святым апосталам Пятром, захопленым
Божай прысутнасцю на гары Перамянення Хрыста, паўтарыць словы: “Пане,
добра тут быць”. Прабыванне разам у супольнасці аднаго духа, адной веры,
надзеі і любові – гэта бясцэнны дар Духа Святога. Няхай жа нашая сумесная
малітва на заканчэнне Юбілейнага года ў катэдральным касцёле ў Пінску стане
яшчэ адным малітоўным актам падзякі за дар прыналежнасці да супольнасці
Хрыстовага Касцёла, якую Міласэрны Бог не перастае адорваць сваімі ласкамі
на шляху да порту збаўлення.
На святы час заканчэння Юбілейнага года і каляднага святкавання з сэрца
благаслаўляю,

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, 18 снежня 2025 г.
Made on
Tilda