Супольнасці і Рухі

Міністранты

Міністранты

Міністрант — гэта хлапчук або юнак, які прыслужвае святару падчас імшальнай літургіі. Слова ministrant у перакладзе з лацінскай мовы азначае «той, хто служыць, прыслужвае», а значыць, міністрант — гэта той, хто дапамагае святару пры цэлебрацыі літургіі.

Міністрант з’яўляецца памочнікам — ён дапамагае святару падчас справавання святой Імшы і іншых літургічных набажэнстваў. Яго заданнем з’яўляецца падрыхтоўка ахвярных дароў, а таксама іншага роду дапамога, напрыклад, пры апрананні святара перад літургіяй.

Міністрант — гэта той, хто нясе знакі, ён падае пэўныя вызначаныя прадметы, якія з’яўляюцца неабходнымі для літургіі і маюць асаблівае значэнне. Гэтыя прадметы павінны дапамагчы вернікам, указваючы ім на іншую рэчаіснасць.
Міністрант павінен сам быць знакам — сваёй паставай ён паказвае, як трэба перажываць літургію. Не дастаткова толькі пасіўна прымаць у ёй удзел, але неабходна актыўна ўдзельнічаць у ёй. Праз сваё служэнне міністрант сведчыць аб тым, што кожнае літургічнае набажэнства, якое адпраўляецца ў касцёле, — гэта не толькі справа святара, але справа ўсяе парафіі і ўсіх вернікаў. Па-за касцёлам міністрант сваімі паводзінамі павінен указваць іншым людзям шлях да Хрыста. Ён таксама павінен як мага больш годна прадстаўляць Касцёл па-за набажэнствамі, гэта значыць падчас спаўнення хатніх, школьных абавязкаў і іншых. Пабожнае і добрасумленнае выконванне абавязкаў міністранта вынікае з самой сутнасці літургіі, таму неабходна выхаванне міністранта да належнага разумення, перажывання і выканання яго служэння. Вучэнне Касцёла звяртае ўвагу на тое, наколькі важнай душпастырскай групай у парафіі з’яўляюцца міністранты: «Міністранты, лектары, каментатары і ўдзельнікі хору нясуць сапраўднае літургічнае служэнне. Няхай жа яны выконваюць свае функцыі з такой шчырай пабожнасцю і стараннасцю, якіх вартыя гэтае высакароднае служэнне і справядлівыя спадзяванні народу Божага. Таму неабходна старанна выхоўваць гэтых асобаў у духу літургіі і рыхтаваць іх да адпаведнага, згоднага з прадпісаннямі, спаўнення належных ім абавязкаў» (SC, 29.). Пастулат стараннага выхавання міністрантаў, сфармуляваны ў Канстытуцыі аб літургіі, скіраваны да святароў-душпастыраў і стварае для іх як выхавацеляў велізарны шанц.

Духоўнае ўзрастанне міністранта адбываецца ў сям’і, у школе, на катэхізацыі. Праз гэтыя этапы праходзіць кожны чалавек. Яны аказваюць прынцыповы ўплыў, бо вучаць чалавека жыць па-чалавечы і па-хрысціянску. Прыналежнасць да кола міністрантаў у гэтых адносінах заўсёды з’яўляецца нечым дадатковым. Яна можа мець месца толькі тады, калі хтосьці сур’ёзна споўніць тое, што з’яўляецца першым і больш фундаментальным. Калі хтосьці жадае быць міністрантам, ён павінен прысвяціць дадатковы час і мабілізаваць сябе да асаблівых намаганняў, каб выконваць заданні, якія выходзяць па-за межы асноўных абавязкаў.

Быць міністрантам — гэта адрозненне і гонар, а адначасова — гатоўнасць прыкладаць дадатковыя намаганні, каб служыць Богу і людзям.

Ідучы да алтара, міністрант не перастае быць ні сынам, ні вучнем, але, стоячы бліжэй да алтара, чым яго сябры, і прыслужваючы пры справаванні святых таямніцаў, ён абавязаны даць з сябе больш, каб быць добрым чалавекам усюды — дома, у школе, на катэхізацыі альбо ў коле сяброў і сябровак. Можна і трэба прад’яўляць да міністрантаў большыя патрабаванні. Толькі тыя, хто да іх дарастае, з’яўляюцца міністрантамі і нясуць служэнне пры алтары як харысты, міністранты святла, кнігі, алтара. Быць добрым міністрантам азначае прад’яўляць да сябе патрабаванні. Святы Айцец Ян Павел ІІ, звяртаючыся да моладзі, сказаў: «Нават калі іншыя не будуць ад нас патрабаваць, вы павінны патрабаваць самі ад сябе». Гэтыя словы асаблівым чынам адносяцца да міністрантаў. Тым, што яны знаходзяцца так блізка да алтара і прыслужваюць падчас святой Імшы, яны абавязаны самому Хрысту, які кожнага міністранта асабіста запрасіў да служэння пры Яго алтары. Гэты Хрыстовы заклік з’яўляецца для іх адначасова абавязацельствам і тым, што вызначае жыццёвы шлях, заахвочвае кожнага з іх да высілку працы над самім сабою, над фармаваннем свайго характару, каб стаць «новым чалавекам у Хрысце».

Рысы добрага міністранта, да якіх, безумоўна, належаць любоў да Бога і Касцёла, служэнне Хрысту праз людзей, пазнаванне і жыццё літургіяй, радасць жыцця, стараннасць у вучобе і гэтак далей, павінны стаць прадметам асабістых намаганняў кожнага міністранта, бо з іх увогуле складаецца чалавечая і хрысціянская сталасць. Дзякуючы ім жыццёвы шлях таго, хто прыслужвае пры алтары, будзе ідэнтычны евангельскаму шляху.

Літургічная служба з’яўляецца адпаведным месцам развіцця жыццёвага паклікання, яго належнага разумення і свядомай рэалізацыі. Гэта асяродак, у якім малады чалавек сталее і дарастае да свайго жыццёвага паклікання ў сужэнстве альбо святарстве. З міністрантаў часта вырастаюць добрыя сужэнцы і бацькі, а таксама цудоўныя святары.

Адкуль чэрпаць сілы, каб адпавядаць такім высокім патрабаванням? Перадусім — з Эўхарыстыі, слугой якой з’яўляецца міністрант, а таксама з індывідуальнай малітвы. Святы Айцец Ян Павел ІІ падчас адной з сустрэч з моладдзю прызнаўся: «Хачу запэўніць вас у тым, што я памятаю пра вас падчас адпраўлення святой Імшы і Эўхарыстычнай адарацыі, якую пастаянна практыкую з часоў сваёй маладосці. Ведайце, што я заўсёды чэрпаў з яе вялікія плёны дабра не толькі для сябе самога, але і для ўсіх тых, хто даручаны мне Божай Міласэрнасцю».



Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
Made on
Tilda