Маці Божая Брэсцкая Гісторыя святыні


СВЯТАЯ ВЫЯВА

Цудадзейны абраз Маці Божай, памерам 120х80 см, у срэбным акладзе, датуецца ХVІ ст. На ім прадстаўлена Марыя ў малітоўнай паставе, са складзенымі рукамі. Яна схіляе галаву над Немаўляткам. Праваруч Багародзіцы – св. Ян Хрысціцель, у скрусе. Яго позірк скіраваны на Збавіцеля. Абраз – копія з рымскай базылікі Sancta Maria Maggiori. Рэдкі кампазіцыйны прыём: Маці Божая схілілася над калыскай Хрыста, а не туліць Яго да грудзей. Сюжэт нагадвае паданне, у якім маладая каралеўна Бона з італьянскага роду Сфорцаў, ад’яджаючы ў Кракаў, бярэ з сабою пасаг: срэбную калыску і наказ маці аб тым, каб калыска штогод прыносіла Ягелонам немаўля. Аднак калыска доўгі час заставалася пустою і каралева Бона прынесла сваю малітву Маці Божай, просячы падараваць ёй нашчадкаў. Магчыма, мастак выкарыстаў сюжэт у кампазіцыі абраза... Пакуль абапіраючыся на тыя каштоўныя гістарычныя звесткі, якія захаваліся пра горад над Бугам, можна меркаваць аб тым, як складваўся яго лёс.


ТРАГІЧНАЯ ГІСТОРЫЯ

Ці не той гэта абраз, што ў пачатку ХVІІ ст. быў каштоўным скарбам вядомага беларускага роду Пацееў-Тышкевічаў? Праўдападобна, прывёз яго з Рыму біскуп Адам Іпацій-Пацей, які быў у складзе беларускай дэлегацыі для заключэння Уніі. Папа Клеменс VІІІ, які 23 студзеня 1595 года прыняў Праваслаўе ва ўлонне Каталіцкага Касцёла, падараваў абраз Маці Божай. Біскуп, вярнуўшыся на Бацькаўшчыну, змясціў святыню ў дамініканскім касцёле ў мястэчку Шараўка на Падоллі. Падчас набегу татараў абраз быў вывезены, але слаўны ваявода Мікола Патоцкі разбіў бязбожнікаў, вярнуў абраз і змясціў яго ў адмыслова збудаванай радавой капліцы ў Берасці. Бурлівыя падзеі не абміналі таксама і абраза ў час маскоўскага наезду ў 1660 г., у 1851 г., калі гарэў дамініканскі касцёл і значна пазней, калі ўжо камуністычныя ўлады ўстанавілі новы парадак.

Час не песціў берасцейскіх святыняў. Яны былі знішчаны ў 1831 г., калі царскія ўлады зруйнавалі стары горад, а на яго месцы ўзвялі сваю крэпасць. Сучасны сабор паходзіць з канца мінулага стагоддзя. У сярэдзіне нашага стагодзя ён быў ператвораны ў музей. А ў 1948-52 гг. была зроблена яго грунтоўная перабудова. Такім ён захаваўся да нашага часу: вежы разабраныя, скляпенні і фрэскі знішчаныя, унутры ўмайстраваныя паверхі. Усё літургічнае начынне і касцёльнае аздабленне было спалена. Нельга толькі чалавечым розумам спасцігнуць, як з 37 абразоў толькі адзін захаваўся да нашых дзён. Напэўна, Пану патрэбна было, каб напрыканцы ХХ стагоддзя людзі прызналі богаабранасць святой выявы і ўкаранавалі яе.


БОЖАЕ СВЕДЧАННЕ

Згадкі пра цуды, здзейсненыя праз пасрэдніцтва Маці Божай Берасцейскай сягаюць у глыбіню стагоддзяў. Жонка гетмана Міколы Патоцкага была лютаранкай. (Звыклая рэч у талерантным вялікі Княстве Літоўскім). Калі яна даведалася пра цяжкую хваробу свайго абранніка, то штодня перад абразом прасіла аб выздараўленні мужа. Калі просьба яе была пачута, яна прыняла каталіцкую веру. Вестка хутка разыйшлася па ўсёй Рэчы Паспалітай і з тых часоў да Слаўнай Заступніцы з усёй краіны пачалі прыходзіць тысячы пілігрымаў. Праз усе войны і рэвалюцыі Маці Божая не пакідала сваіх дзяцей. У час Другой Сусветнай вайны абраз не толькі не быў знішчаны, але і ўвесь горад нягледзячы на шматлікія пераходы з рук у рукі, мала пацярпеў. У жудасныя часы бальшавіцкіх рэпрэсій, Бог натхніў нейкага Андрэя Чарняка, які, рызыкуючы ўласным жыццём, схаваў абраз і толькі ў 1968 годзе брэсцкія каталіцкі рашыліся адкрыта выставіць яго ў адзіным на той час месцы малітвы – у капліцы на ўскрайку горада. Колькі ж там слёз было выліта, колькі самых розных просьбаў і бедаў выказана Найсвяцейшай Маці!

У 1988 годзе памёр Яе верны слуга, шматгадовы брэсцкі пробашч ксёндз Станіслаў Лазар. Найбліжэйшы каталіцкі святар, які жыў за 200 кіламетраў ад Брэста, быў цяперашні кардынал Казімір Свёнтэк. Ксёндз Збігнеў Кароляк, які з суседзняй Польшчы прыбыў на пахаванне ксяндза Ст. Лазара, вырашыў застацца з беларускімі каталікамі. Застаўся, каб падрыхтаваць дзень трыумфу і славы Найсвяцейшай Панны.


ЗМАГАННЕ ЗА КАСЦЁЛ

Першая Святая Імша, якую кс. Збігнеў адправіў каля муроў святыні, адбылася 7 студзеня 1989 года. Тады на Панскую Вячэру сабралася ўсяго 40 чалавек. Вернікі спалохаліся прапановы святара напісаць лісты у Мінск і Маскву з просьбай аб вяртанні касцёла, баяліся ставіць свае подпісы. Брэсцкія ўлады катэгарычна выступалі супраць, аргаментуючы гэта тым, што музей служыць усяму гораду, а ў горадзе мала каталікоў. Ужо праз год пасля прыезду кс. Кароляк падрыхтаваў да першай Камуніі каля 100 дзяцей. Штонядзелі вернікі праз увесь горад ішлі працэсіяй, трымаючы транспарант «Дамагаемся вяртання касцёла». Яны свайго дамагліся: дзень 12 жніўня 1990 года застанецца памятным днём у гісторыі парафіі Узвышэння Святога Крыжа. Упершыню за 42 гады ў будынку святыні было адпраўлена набажэнства. Але спатрэбілася некалькі гадоў, каб касцёл набыў першапачатковы выгляд. Толькі праз суд удалося даказаць сваё права на адбудову вежаў і ануляваць абвінавачванні падатковай інспекцыі аб незаконнай фінансавай дзейнасці. 28 жніўня 1992 года касцёл быў кансэкраваны, тады ж былі пасвечаныя і два новыя званы: «Ян Павел» і «Жыгімонт».

Праз два дні з капліцы на Кіеўцы ўрачыстай працэсіяй абраз быў перанесены на сваё звыклае месца. Калона вернікаў расцягнулася на 500 метраў. Маці Божая вярталася на сваё даўняе месца. Яна ішла вуліцамі свайго любімага горада, пра які клапацілася і які аберагала праз стагоддзі. Прахожыя кленчылі, а тым, каму не ставала адвагі, назіралі з вокнаў. Калі працэсія прыйшла на цэнтральную плошчу, здаецца, задрыжэла падножжа помніка Леніну, бо ж пад чырвонай зоркай Бога быць не магло. Урачыстую Святую Імшу праводзіў кардынал Свёнтэк.


«БЛАГАСЛАВЁНАЯ ТЫ МІЖ ЖАНЧЫНАМІ...»

Для каранацыйных урачыстасцяў быў абраны дзень 30 чэрвеня 1996 года. Сведкамі гэтай падзеі сталі тысячы вернікаў з Беларусі і суседняй Польшчы. У святочных урачыстасцях удзельнічалі кардынал Казімір Свёнтэк і нунцый Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі. Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы зачытаў спецыяльнае брэве Папы. «...Згодна з пастановай Кангрэгацыі па справах Культу Божага адпраўлення Сакрамэнтаў, якія лічым правамоцнымі, Нашай Уладай апостальскай прасіцеля Казіміра кардынала Свёнтка ўпаўнаважваем, каб на гэты абраз ад Нашага імя і з Нашым ушанаваннем каштоўную ўсклаў карону згодна з прадпісаным абрадам літургічным. Маем вялікую веру, што ўсе тыя, каторыя будуць той абраз ушаноўваць, умацуюцца яшчэ болей у набажэнстве да Маці Божай. Няма ў гэтых адносінах ніякіх перашкодаў», – гаворыцца ў брэве, якое было абвешчана на трох мовах – на лаціне, па-беларуску і па-польску. Супольна два іерархі прымацавалі да абраза дзве кароны. Адну – над Немаўляткам Езусам, другую – над Багародзіцай. Хвалюючая дзея закончылася... апладысментамі. Ва ўрачыстай працэсіі абраз быў абнесены вакол касцёла. Падчас урачыстай Святой Імшы Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір прачытаў прынагоднае казанне, дзе асабліва спыніўся на ролі Панны Марыі ў касцёльнай традыцыі і тэалогіі, а таксама на тым, якое месца Яна павінна займаць у душы і сэрцы кожнага верніка. «Пакутным шляхам прыйшла да нас Маці Божая Берасцейская. Добрыя людзі збераглі Яе для нашчадкаў. Дзякуй Богу, розум вяртаецца да нас», – гэтыя думкі сталі асноўным ў казанні кардынала. Доўга пасля набажэнства не разыходзіліся святары і вернікі. Маліліся, спявалі дзякавалі Богу за ўчыненыя ласкі.

Ёсць багата абразоў, дзе Беззаганная Маці топча галаву цмока, што сімвалізуе перамогу над д’яблам. Свет павінен ісці тым шляхам, які ўказвае Божы Провід. У гісторыі нічога няма вечнага, акрамя Найвышэйшай Справядлівасці. Усё знікае, як знік бальшавізм са сваёю атэістычнай прапагандай. Застаецца Касцёл, які заўсёды будзе вучыць, што чалавек ёсць дзіцем Божым, мае несмяротную душу і знойдзе сялібу ў Святой Тройцы, бо чалавек – гэта вяршыня спраў Божых. Факт каранацыі слыннага сваімі цудамі абраза Маці Божай Берасцейскай, які стаў гімнам любові Бога праз Марыю, мае сапраўды вялікае значэнне ў выхаванні сэрцаў і сумлення людзей нашай пекнай зямлі. Крыніца новай надзеі для сучасных пакаленняў на шляху ў будучыню.

Паводле Эдварда Тарлецкага, Наша Вера 1(2)/1996